Новости проекта
Отвечаем на ваши вопросы!
Важные моменты в Инструктивно-методическом письме
Новинка! Отчеты по ведению электронного журнала
Конкурс продолжается!
Голосование
Сколько вы тратите времени на дорогу до места работы/учебы
Всего 92 человека
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 486 человек

Страничка Сахаровой Юлии Сергеевны

Дата: 24 ноября 2017 в 11:49, Обновлено 24 ноября 2017 в 11:52

АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

“РАЗВІЦЦЁ ТВОРЧЫХ І ІНТЭЛЕКТУАЛЬНЫХ ЗДОЛЬНАСЦЕЙ ВУЧНЯЎ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ЛІТАРА

                                                                                                    Сахарава Юлія Сяргееўна,

                                                                              настаўнік беларускай мовы і  літаратуры

                                                                              Жыткавічы, 2017

Асноўнай мэтай выкладання беларускай мовы і літаратуры ва ўстановах адукацыі з’яўляецца фарміраванне асобы вучня як свядомага носьбіта мовы, развіццё яго інтэлектуальных і творчых здольнасцей, выхаванне камунікатыўнай і эстэтычнай культуры. З дапамогай мовы вучні спазнаюць маральныя і культурныя каштоўнасці свайго народа, засвойваюць формы чалавечых узаемаадносін.

На жаль, у  час камп’ютарызацыі і разнастайнасці сродкаў інфармацыі,  вучні сёння вельмі мала чытаюць і гавораць па-беларуску, таму паўстаюць пытанні: як падтрымаць у вучняў цікавасць да прадмета і жаданне вывучаць мову, як павысіць граматнасць, актывізаваць разумовую дзейнасць вучняў. У той жа час у сучасным інфармацыйным грамадстве ўзрастае запатрабавальнасць у маладых таленавітых людзях, якія валодаюць здольнасцю самастойна здзяйсняць даследчую і інавацыйную дзейнасць, могуць працаваць з інфармацыяй, ставіць складаныя пытанні і вырашаць іх.

Важным накірункам у працы настаўніка з’яўляецца стварэнне ўмоў для фарміравання творчай асобы, якая будзе здольна самастойна вырашаць праблемы ў розных сферах і відах дзейнасці на аснове атрыманых ведаў.  

         Мэтай маёй работы з’яўляецца  фарміраванне ў вучняў станоўчай пазнавальнай матывацыі, развіццё іх творчых і інтэлектуальных здольнасцей.

         Суадносна пастаўленай мэце вынікаюць наступныя задачы:

  • праналізаваць метадычны матэрыял па дадзенай тэме;
  • авалодаць найбольш эфектыўнымі метадамі і прыёмамі работы па развіцці творчых здольнасцей вучняў;
  • ствараць педагагічныя  сітуацыі зносін на ўроках, якія даюць вучням магчымасць праявіць ініцыятыву, самастойнасць;
  •   ствараць умовы для самавыражэння вучняў, атмасферу зацікаўленасці.      

        Усе педагогі маюць агульную мэту – вучыць, развіваць, выхоўваць, але ўсе ідуць да яе рознымі шляхамі.  Кожны настаўнік працуе над фарміраваннем усебакова развітай асобы. Таму індывідуальным здольнасцям кожнага дзіцяці, развіццю творчага патэнцыялу вучняў неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу.

 Безумоўна, здольнасці да творчасці  і талент ёсць у любога чалавека, любога дзіцяці. Дзеці па сваёй прыродзе дапытлівыя, і ўсё што неабходна, каб яны маглі праявіць свой талент,—дык гэта разумнае кіраўніцтва з боку неабыякавых дарослых, бацькоў і настаўнікаў. Здольнасці фарміруюцца паступова ў працэсе актыўнай дзейнасці чалавека. Задача педагогаў-- раскрыць гэтыя здольнасці, развіваць іх, улічваючы індывідуальныя асаблівасці дзяцей.

         Я надаю вялікую ўвагу развіццю творчага, інтэлектуальнага і духоўнага патэнцыялу вучняў. Ствараю ўмовы для сур’ёзнай самастойнай работы, прымяняю элементы актыўных і інтэрактыўных тэхналогій і методык навучання, якія павышаюць эфектыўнасць вучэбнага працэсу, праводжу работу з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі ва ўрочны і пазаўрочны час.

Стараюся ўбачыць чалавека ў чалавеку. Бо для мяне галоўнае — гэта адшукаць і адкрыць у кожным вучні талент, усё тое, што раскрые яго як асобу. Таму для мяне вельмі важна абудзіць цікавасць да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, ведаць і валодаць найбольш аптымальнымі метадамі і прыёмамі развіцця творчых здольнасцей вучняў. Я імкнуся зрабіць працэс навучання больш выніковым і цікавым, каб у вучняў было жаданне вывучаць родную мову, літаратурную спадчыну беларускага краю.

Для актывізацыі творчых здольнасцей я  выкарыстоўваю перадавы педагагічны вопыт настаўнікаў, метадыстаў, навукоўцаў. Заўсёды знаходжуся ў творчым пошуку, імкнуся да асваення новага. Для гэтага я знаёмлюся з навінкамі метадычнай літаратуры,  метадычнымі і навуковымі публікацыямі на старонках прадметных часопісаў,  вопытам  калег.

У сваёй дзейнасці я выкарыстоўваю як традыцыйныя формы навучання, так і новыя прыёмы і метады. Лічу, што любая форма ўрока прынясе плён, калі яна адпавядае ўзроўню класа, калі яна цікавая і захапляльная. Сёння асновай адукацыі з’яўляецца традыцыйнае навучанне, але я выказваюся і за сучасныя адукацыйныя тэхналогіі як сродак развіцця і асобы настаўніка, і асобы вучня.  Урокі з выкарыстаннем новых форм для вучняў— гэта магчымасць адчуць сябе ў новай якасці, гэта самастойнасць і якасна новыя адносіны да сваёй працы і прадмета. А для настаўніка— гэта магчымасць лепш разумець і бачыць сваіх вучняў, магчымасць ацэньваць іх індывідуальныя асаблівасці, магчымасць творчага падыходу да працы, аснова для самарэалізацыі.

 У сваёй рабоце я не злоўжываю новымі метадамі і формамі правядзення ўрока. Вучні павінны ўмець граматна пісаць і выказваць свае думкі. Таму мае ўрокі беларускай мовы заснаваны на глыбокай адпрацоўцы вучэбнага матэрыялу, але ў кожны такі ўрок я імкнуся ўнесці нешта новае, цікавае, каб вучні маглі пераключыцца, адпачыць і па-новаму зірнуць на “сумны” прадмет.

          З  уласнага вопыту  я ведаю,  што  нельга  навучыць  вучня,  калі  ён раўнадушны, абыякавы, не бачыць патрэбы ў набыцці ведаў.  У вучэбным працэсе сапраўды існуе праблема матывацыі да навучання. Мабыць, негатыўную ролю тут адыграла празмерная інфармацыйная  насычанасць  сучасных  дзеючых  праграм, а таксама недастатковая  колькасць гадзін на вывучэнне  пэўнай тэмы.

         Сучасны настаўнік павінен спрыяць пашырэнню і паглыбленню ведаў вучняў, павышэнню іх культурнага ўзроўню, развіццю інтэлектуальных здольнасцей.  Для гэтага неабходна ўнутраная матывацыя, якая з’яўляецца важнай умовай для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў. Я выкарыстоўваю  разнастайныя метады і прыёмы работы, якія дапамагаюць вырашаць праблему фарміравання ўнутранай матывацыі вучняў (конкурсы, пытанні-жарты,  віктарыны, займальныя пытанні, рэбусы, крыжаванкі).

       Свае урокі я пачынаю з фарміравання ў вучняў матывацыі да навучання. Ствараю адпаведны эмацыянальны настрой, што дапамагае засяродзіць увагу вучняў да ўрока, абудзіць цікавасць, настроіцца на працу. Для гэтага я выкарыстоўваю ў якасці эпіграфаў да ўрокаў шматлікія прытчы, урыўкі з  твораў мастацкай літаратуры, уласныя вершы, якія маюць павучальны сэнс і выклікаюць вучняў на роздум. (Дадатак 4)

Імкнуся ствараць умовы на ўроку для развіцця даследчых здольнасцей вучняў шляхам параўнання, развіцця крытычнага мыслення. Так, пры тлумачэнні новага матэрыялу па тэме “Вытворная і невытворная аснова”  вучні даследуюць словы і робяць вывад, чаму ў словах “лес”, “поле”, ”школа” аснова невытворная, а ў словах “лясны”, “палявы”, “прышкольны” аснова вытворная.

Часта на ўроках беларускай  мовы выкарыстоўваю апорны канспект,  які дапамагае вучню лепш запомніць важныя тэарэтычныя веды, садзейнічае выпрацоўцы навыкаў і ўменняў правільна разважаць, самастойна творча  мысліць. Вучні 11 класаў самастойна даследуюць правіла і  ствараюць табліцы, схемы, апорны канспект для тлумачэння  матэрыялу.  

Як адзначаў Якуб Колас: ”Толькі тады веды робяцца нашым сталым набыткам, калі мы прыходзім да іх, здабываем іх самі”. Таму арганізацыя даследчай дзейнасці садзейнічае выпрацоўцы ў вучняў імкнення і ўмення самастойна здабываць і выкарыстоўваць новыя веды, развіццю ў іх пазнавальна-творчых навыкаў.

Імкнуся ўлічваць індывідуальна-псіхалагічныя асаблівасці вучняў і будаваць працэс навучання такім чынам, каб забяспечыць засваенне вучэбнага матэрыялу, фарміраванне грунтоўных уменняў і навыкаў для ўсіх вучняў. Для моцных вучняў падбіраюцца заданні, якія патрабуюць самастойнасці, творчага пошуку, высокага ўзроўню абагульнення і сістэматызацыі вывучанага. Для крыху слабейшых— заданні, якія павышаюць актыўнасць у працэсе ўспрымання і асэнсавання новага матэрыялу. Вучні маюць права выбару. Узнікае сітуацыя поспеху для кожнага вучня.

На ўроку немагчыма абысціся без самастойнай работы, якая  патрабуе высокага ўзроўню самасвядомасці, фарміруе ў вучняў устойлівы інтарэс, пры якім іх захапляе сам працэс атрымання новых ведаў, а самастойнае выкананне нестандартных заданняў прыносіць задавальненне. Метад самастойнай работы дазваляе развіваць пазнавальныя здольнасці вучняў, развівае творчае мысленне, умацоўвае і павышае інтарэс.

У залежнасці ад падрыхтаванасці вучняў я арганізоўваю самастойную работу з падручнікам, тэстамі, карткамі, слоўнікамі, выкарыстоўваю даведачную літаратуру.

Пры тлумачэнні новага матэрыялу ў 11 класе даю магчымасць вучням выконваць функцыю настаўніка. Гэта дапамагае развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Прыметнік” вучням прапануюцца дыферэнцыраваныя заданні з улікам узроўню  ведаў і іх жадання:

  • падрыхтаваць лінгвістычнае паведамленне на тэму “Прыметнік”;
  •  запісаць прыклады і план вуснага адказу па пытаннях да тэмы;
  • падрыхтаваць звязны адказ на тэму “Утварэнне і правапіс прыметнікаў”;
  • падрыхтаваць матэрыял да арфаграфічнага слоўнікавага дыктанта і аргументаваць выбар слоў.

         Пры падрыхтоўцы да выканання заданняў вучні карыстаюцца пад- ручнікамі, даведнікамі, паўтараюць правілы, запісваюць словы і тлумачаць іх напісанне, складаюць табліцы, схемы, апоры. Творчыя заданні развіваюць мысленне вучняў, даюць магчымасць выбару і  спрыяюць развіццю творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу.

         Каб абмеркаваць выкананыя заданні, падвесці вынікі, праводжу рэфлексію. Для гэтага прапаноўваю вучням такія заданні:  “Закончы фразу”, “Трэці лішні”, “Апладысменты”,  падабраць ключавыя словы да тэмы ўрока, спалучыць словы, сказы, падрыхтаваць міні-сачыненне, агучыць схему-апору, адказаць на пытанні па аналогіі, з апорай на мэты ўрока: “Што здолеў, што не здолеў? Чаму навучыўся? Што падалося цяжкім, што лёгкім?”

Развіваючы рэфлексійныя здольнасці вучня, настаўнік дапамагае яму набыць глыбокія і трывалыя веды, самавызначыцца, уключыцца ў новыя віды дзейнасці.

На сучасных уроках вельмі пашырана выкарыстанне тэстаў. Тэсты даюць магчымасць праверыць практычную граматнасць вучняў, культуру мовы і моўную кампетэнтнасць, веданне граматыкі і стылістыкі беларускай мовы. Тэставая форма можа быць выкарыстана не толькі як форма кантролю, але і як магчымы сродак павышэння матывацыі да навучання і стымулу да засваення новага матэрыялу.

Я лічу важным і неабходным выкарыстанне на ўроках у кожным класе арфаграфічных хвілінак, лексічнай работы, работы з тэкстам, хвілінак творчасці, што дае магчымасць удасканальваць арфаграфічныя і пунктуацыйныя навыкі і ўменні, маўленне вучняў, узбагачаць слоўнікавы запас слоў, развіваць творчыя здольнасці вучняў. Цікавым, напрыклад, лічыцца ў пяцікласнікаў заданне, калі на дошцы запісаны дзесяць рускіх слоў, якія неабходна перакласці на беларускую мову, а потым з трыма словамі прыдумаць адзін сказ.

Развіццю творчых здольнасцей вучняў садзейнічаю таксама і на ўроках  беларускай літаратуры. Выкарыстоўваю вусныя і пісьмовыя пераказы, выразнае чытанне, пераклады, партрэтныя характарыстыкі, сачыненні, вуснае славеснае маляванне, водгукі,  рэфераты, стварэнне камп’ютарных прэзентацый, даследаванне творчасці пісьменніка, напісанне ўласных мастацкіх твораў.  (Дадатак 3)  

         Зрабіць урокі мовы і літаратуры больш цікавымі, нагляднымі і дынамічнымі дазваляе мультымедыя-ўрок. Вучні 11 класаў даследуюць жыццёвы і творчы шлях пісьменніка, выконваюць мультымедыйную прэзентацыю і потым на ўроку абараняюць сваю даследчую работу. З выкарыстаннем камп’ютарных  тэхналогій   на   ўроках   беларускай   мовы   і  літаратуры  ўрок  становіцца сучасным, эфектыўным, павышаецца цікавасць вучняў да вывучэння прадмета, дае магчымаць настаўніку самаўдасканальвацца. Зразумела, што камп’ютарныя  тэхналогіі  не могуць цалкам замяніць чытанне твораў, вывучэнне правіл, напісанне творчых работ, жывога слова настаўніка. Але выкарыстанне  новых інфармацыйных тэхналогій у разумных межах павышае ступень засваення вучэбнага матэрыялу навучэнцамі.

Метад творчага чытання садзейнічае развіццю назіральнасці, уменню бачыць і чуць з’явы жыцця, уменню знайсці правільныя словы і выразы для перадачы сваіх уражанняў. Сярод відаў дзейнасці вылучаюцца выразнае чытанне, слуханне мастацкага чытання, пераказы, інсцэніроўкі, састаўленне сцэнарыяў, сачыненні.

На ўроках літаратуры перад настаўнікам стаіць задача абудзіць у вучняў суперажыванне, актывізаваць уяўленне, сфарміраваць чытацкія якасці, што дае вялікія магчымасці для развіцця творчых здольнасцей вучняў.

Праводжу на ўроках і на пазакласных мерапрыемствах  конкурсы чытальнікаў вершаў, у выніку якіх у вучняў узнікае жаданне авалодаць паэтычнай літаратурнай мовай, гармоніяй роднага слова. Фармірую чытацкія якасці: эмацыянальную чуласць, вобразнае мысленне, эстэтычны густ.

У апошнія гады арганізоўваецца шмат конкурсаў, мерапрыемстваў з мэтай папулярызацыі беларускай мовы.  Мае вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі конкурсаў і атрымліваюць дыпломы. (Дадатак 1)

Вядуцца з вучнямі і вучэбныя даследаванні.  Напрыклад, даследчая работа “Лексіка-семантычныя сродкі выразнасці ў песенна-паэтычных творах Т. Мельчанка” была высока ацэнена журы на раённым этапе канферэнцыі  і ўзнагароджана дыпломам   І ступені. У ходзе правядзення даследчай работы былі прааналізаваны зборнікі паэзіі гомельскай пісьменніцы Т. Мельчанка, апрацаваны накоплены у час работы вялікі матэрыял. (Дадатак 2)

Прытрымліваюся думкі, што без чуласці, эмацыянальнай спагадлівасці нельга ўстанавіць кантакт з вучнямі, стварыць творчы настрой і мікраклімат на ўроку. З вучня вырасце творчая асоба толькі тады, калі педагог будзе падтрымліваць натхненне вучняў, стымуляваць інтарэсы, магчымасці з мэтай яго самарэалізацыі ў творчай дзейнасці. Я ствараю атмасферу добразычлівасці, даверу, суперажывання і павагі, што дазваляе вучню імкнуцца да найбольш поўнага раскрыцця сваіх магчымасцей.

Лічу, што для развіцця творчых здольнасцей вучня патрэбна:

  1. не навязваць школьніку сваіх вучэбных мэт, даць права выбару;

2)    не стрымліваць ініцыятыву вучняў і не рабіць за іх тое, што яны могуць рабіць самастойна.

3) за правільныя адказы і выкананыя заданні ўзнагароджваць вучня не толькі адзнакай, але і добрым словам, пахвалой;

4) не крытыкаваць за няўдачы і не прыніжаць годнасць вучня;

5) выкарыстоўваць розныя метады і прыёмы навучання ;

6) выкарыстоўваць адукацыйныя тэхналогіі (элементы);

7) падбіраць творчыя заданні;

8) ствараць атмасферу поспеху;

9) удзельнічаць у розных конкурсах, мерапрыемствах, алімпіядах.

 На мой погляд, сэнс і вынік ў рабоце па развіцці творчых здольнасцей выявіцца толькі тады, калі  педагог умее  выявіць, дыферэнцыраваць, стымуляваць інтарэсы, магчымасці, здольнасці кожнага вучня з мэтай яго самарэалізацыі ў творчай дзейнасці. Праца па тэме самаадукацыі прынесла станоўчыя вынікі: у навучэнцаў павышаецца матывацыя да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, павышаецца светапогляд, развіваецца самастойнасць, крытычнасць, арыгінальнасць мыслення, творчыя здольнасці.

 Мая самая галоўная задача— не спыняцца на дасягнутым, займацца самаадукацыяй, ісці следам за словам, працаваць над павышэннем свайго ўзроўню як настаўніка, удасканальваць прафесійнае майстэрства, знаходзіцца ў пастаянным пошуку, развіваць творчыя і інтэлектуальныя здольнасці вучняў.


           

 

Літаратура

1. Арлова, А.Г. Мець свой стыль навучання / А.Г.Арлова // Беларус. мова і літ.—2009.—№5.—С.38-41.

2. Босы, І.Ч. Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці праз дыферэнцыяцыю навучання / І.Ч.Босы // Беларус. мова і літ. –2007.— №4.—С.3-7.

3. Выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках беларускай мовы і літаратуры / В.У.Быхавец ( і інш.); пад агул.рэд. С.І.Цыбульскай.—Мн.: Сэр-Віт, 2006.—208 с. –(Майстэрня настаўніка).

4. Запрудский, Н.И. Контрольно-оценочная деятельность учителя и учащегося: пособие для учителя/ Н.И. Запрудский.—Минск:Сэр-Вит, 2012.—160с.—(Мастерская учителя).

5. Кныш, М.А. Развіваць асобу вучня / М.А.Кныш // Беларус. мова і літ.—2009.—№5.—С.36-38.

6. Кныш, М.А. Свята жаданай сустрэчы: патрабаванні да сучаснага ўрока / М.А.Кныш// Роднае слова.— 2005.—№1.—С.24-25.

7. Лазарук, М.А. Навучанне і выхаванне творчасцю: пед.роздумы і пошукі / М.А.Лазарук.—Мінск: Нар.асвета—1994.—200с.

 8. Нівяркевіч, С.І. Арганізацыя самастойнай пазнавальнай дзейнасці на ўроках беларускай літаратуры/ С.І.Нівяркевіч // Беларус. мова і  літ.— 2008.—№5.—С.12—18.

9. Руцкая, А.В. Новыя формы ўрокаў па беларускай літаратуры/ А.В.Руцкая // Беларус. мова і літ.—2011.—№11.—С.44—47.

10. Ялінскі, М.Г.Асобасна арыентаваная тэхналогія навучання мове / М.Г.Ялінскі// Беларус. мова і літ.—2008.—№12.—С.8—10.  

 
 

Дадатак 1

 

                                                                                                              

 

Вынікі ўдзелу вучняў у конкурсах і канферэнцыях

Назва конкурсу

Прозвішча і імя вучня

Вынік удзелу

1.

Раённы конкурс сачыненняў “Дорога не прощает ошибок”, 2016 г.

Глазатава Яўгенія

Дыплом І ступені, удзел у абласным конкурсу

2.

Раённы конкурс  рытарычнага майстэрства “Творчасць пісьменнікаў Гомельшчыны”, 2016 г.

Ханеня Анастасія

Дыплом ІІ ступені

3.

Конкурс “Учителю я посвящаю эти стороки”, 2015 г.

Віцебская Аляксандра

Дыплом І ступені на раённым і занальным этапах, ІІІ ступені- на абласным

4.

Раённы конкурс  рытарычнага майстэрства “Беларускія пісьменнікі аб вайне”, 2015 г.

Ханеня Анастасія

Дыплом

ІІ ступені

5.

Першыя раённыя Феадосіеўскія чытанні, 2016 г.

Злобін Данііл

Дыплом І ступені

6.

Раённы конкурс даследчых работ, 2016 г.

Толкач Аліна

Ханеня Анастасія

Дыплом

І ступені

Дадатак 2

Толкач Аліна і Ханеня Анастасія

Тэкст абароны даследчай работы “Лексіка-семантычныя сродкі выразнасці ў песенна-паэтычных творах Т. Мельчанка”

Невялікі сціплы зборнічак вершаў за подпісам самой пісьменніцы, які мы ўбачылі на кніжнай паліцы ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, пакінуў моцнае ўражанне. Са слоў нашай настаўніцы мы даведаліся, што творчасць Таісы Мельчанка яшчэ грунтоўна не даследавана. Нам падалося цікавым паспрабаваць сябе ў ролі своеасаблівых першапраходцаў. І работа распачалася.

  Па-першае, мы зразумелі, што зусім нічога не ведаем аб жыцці і творчасці абранай намі паэткі. Па-другое, трэба было вызначыць накірунак нашай працы, бо ахапіць усё адразу немагчыма. Выбіраючы паміж аналізам вобразных сродкаў, тэматычнымі, жанравымі асаблівасцямі і даследаваннем лексічнага складу, вырашылі спыніцца на апошнім. Бо слова, як лексічная адзінка, нібы цаглінка, з’яўляецца будаўнічым матэрыялам кожнага твора.  І для глыбокага даследавання работа са словам неабходна.

Таму мэта нашай работы гучыць наступным чынам: даследаванне творчай спадчыны Т. Мельчанка, знаходжанне і аналіз лексіка-семантычных сродкаў выразнасці ў песенна-паэтычных творах паэткі, вызначэнне спецыфікі іх ужывання ў залежнасці ад тэматыкі паэтычных тэкстаў. 

Аб’ектам даследавання сталі зборнікі вершаў Т. Мельчанка: “Бацькоўскі дом” (1989), “Каласы болю” (1994), “Добры знак” (1997) і “Пуціна годнасці” (2000).

  У пачатку работы была акрэслена гіпотэза:   лексіка-семантычныя сродкі шырока выкарыстоўваюцца ў песенна-паэтычных творах Т. Мельчанка і адыгрываюць важную ролю пры стварэнні вобразнасці.   

  Ва ўводзінах мы далі азначэнне тэрміну “песня”, паколькі высветлілася, што значная колькасць вершаў Таісы Мельчанка пакладзена на музыку, стаўшы песнямі. А некаторыя вершы першапачаткова задумваліся як песні. Яны раскладзены на куплеты, ёсць прыпеў.

 Мы вызначылі рысы адрознення народнай песні ад прафесійнай, а таксама паказалі цесную сувязь фальклорнай і аўтарскай песні, узгадалі імёны паэтаў, вершы якіх былі пакладзены на музыку, засяродзілі ўвагу на асобе Таісы Мельчанка.

  У першым раздзеле асноўнай часткі мы акрэслілі вытокі творчасці Таісы Васільеўны Мельчанка, асноўныя накірункі яе развіцця і станаўлення. Так, вялікі ўплыў на фарміраванне творчай манеры паэткі аказала добрае веданне жыцця і фальклорнай спадчыны беларусаў, мастацкіх традыцый класікаў беларускай літаратуры.

У другім раздзеле асноўнай часткі мы падрабязна разглядаем такія лексічныя сродкі, як мнагазначныя словы, сінонімы, антонімы, устарэлыя словы, аўтарскія наватворы, прастамоўныя словы і паэтызмы, вызначаем іх функцыю. 

  Так, напрыклад, мы заўважылі, што мнагазначныя словы значна ўзмацняюць агульны сэнс вершаваных радкоў Таісы Мельчанка. У вершы “Развітанне з восенню” чытаем: Чаму так хутка восень прабягае? Тут дзеяслоў “прабягае” разам з назоўнікам “восень” ужыты аўтарам у пераносным значэнні ‘мінуць, адысці ў мінулае’, што стварае аснову для параўнання восені з жывой істотай. 

Даволі пашыранымі ў лірычных творах Таісы Мельчанка з’яўляюцца словы-сінонімы:  Судзіла безраскайна і сурова Усіх тых, хто паланіў гэту зямлю (“Непадробная ліра”); антонімы: Умею і любіць і ненавідзець (“Вера”), То ціха смяешся, то плачаш (“Вясковая песня”); устарэлыя словы, якія прадстаўлены гістарызмамі: Ты стаміўся ўладарыць, спастылела раць (“Чаканне”), Ёсць і шолам яшчэ, і кальчуга. Нагатове і шчыт, і кап’ё (“Былінны Гомель”); прастамоўная лексіка: Нясмела восень шчэ галёкае (“Незвычайны танец”), - Што ўпірышся? Дожджык харошы! (“Горкі дождж”); паэтызмы: Дык красуйся ж над кручай вячыстай! (“Былінны Гомель”).

  Працуючы са зборнікамі, мы высветлілі, што адметнай рысай лірыкі Таісы Мельчанка з’яўляецца адсутнасць наватвораў. Вершы гэтага аўтара вызначаюцца традыцыйнасцю лексічнага складу, што, безумоўна, не зніжае выяўленчай магчымасці радкоў, а робіць іх наадварот па-беларуску шчырымі, сардэчна прачулымі, жывымі. Гэтую рысу можна лічыць асаблівасцю творчай манеры пісьменніцы.

У заключэнні мы абагульнілі атрыманыя ў ходзе даследчай работы вынікі і прыйшлі да высновы, што гіпотэзу, акрэсленую ў пачатку работы, можна лічыць правільнай, бо лексіка-семантычныя сродкі сапраўды шырока выкарыстоўваюцца ў песенна-паэтычных творах Т. Мельчанка і адыгрываюць важную ролю пры стварэнні вобразнасці.  

Работа над даследаваннем навучыла нас працаваць з тэкстам, навуковай літаратурай, слоўнікамі, класіфікаваць набыты матэрыял, рабіць высновы. 

Лічым, што праца са зборнікамі вершаў Таісы Мельчанка можа быць працягнута ў накірунку аналізу тропаў і фігур, работу над якімі мы ў хуткім часе плануем распачаць. 

Дадатак 3

Ханеня Анастасія

 

 Настаўніцкі наказ

 

У вас бярэм мы свой пачатак.

 

Вы - колер нашага жыцця!

 

Настаўнікі - героі нашы

 

Ад школьных дзён да забыцця!

 
 

Ад вас сыходзіць сонца бляск,

 

Усмешка добрая рассудзіць.

 

Вы нам даеце свой наказ,

 

Каб мы дарылі шчасце людзям.

 
 

Каб сэрца слухалі сваё,

 

Дарма не апускалі рукі.

 

Каб не палохала жыццё,

 

Бо будзе радасць і разлукі.

 
 

Каб не забыліся бацькоў,

 

Ды ехалі не толькі ў свята.

 

Наведалі каб школу зноў,

 

Бо школа намі і багата.

 
 

З наказам гэтым будзем жыць!

 

Ён кожнаму даруе крылы!

 

А вашай веры не пазбыць-

 

                        Яна дае палёту сілы!                          

Віцебская Аляксандра

                                                      Мая Радзіма 

У свеце ёсць куток з блакітнымі вачыма, 

Дзе пахне мёдам канюшына на палях, 

Дзе па раллі гуляе бусел белакрылы… 

Вось тут і пачынаецца мой шлях. 

Усё дзяцінства аглядала наваколле 

І бачыла такі цікавы свет! 

Мне маці гаварыла: “Цуд прыроды! 

Тут жылі  нашы продкі многа лет.” 

Усё жыццё вакол я бачу дзіва. 

І кожны раз дзіўлюся зноў і зноў!

 Зямля буслоў - і ёсць мая Радзіма! 

Бацькоўскі край - і ёсць мая любоў!

                                                                                                                    Дадатак 4

Урок беларускай літаратуры ў 11 класе

 

Тэма: Мастацкая сімволіка аповесці В. Быкава “Знак бяды”

Мэты: праз асэнсаванне вобразаў-сімвалаў падвесці вучняў да разумення маральна-філасофскай праблематыкі аповесці і пісьменніцкай канцэпцыі; развіваць уменне разумець сэнс мастацкіх вобразаў, весці дыялог па прачытаным творы, улічваць іншы пункт погляду і аргументавана адстойваць сваё меркаванне; спрыяць фарміраванню станоўчых маральных якасцей, актыўнай жыццёвай пазіцыі і нацыянальнай самасвядомасці вучняў.

Абсталяванне: партрэт В. Быкава, тэкст твора, падручнік 11 класа, выстава малюнкаў да аповесці “Знак бяды”.

Ход урока:

І Арганізацыйны момант

ІІ Паведамленне тэмы і мэт урока

1.      Слова настаўніка

2.      Чытанне аўтарскага верша настаўнікам:

Вячэрні змрок улёгся на зямлі.

Зноў цемра тчэ з сузор'яў павуціну.

Начны матыль малюе круталі

У свеце лямпы на старой адрыне.

А ў хаце маці дзетак спаць кладзе,

Ім казку-забаўлянку ціха кажа.

І так няспешна гэты час ідзе…

Сынок заснуў, дачушка ўсё не ляжа:

- Чаму, матуля, цёмна ў акне?

Хто сонейка да раніцы хавае?

Быць можа страшны цмок яго глыне,

А потым ранкам зноў на свет пускае!

Я бачыла яго ў страшным сне…

Зубасты, слізкі, кіпці распускае

Баюся, што мяне ён не міне,

Што ён над хатай нашаю лятае…

- Не трэба жахаў, родная зямля

Крылом бусліным нас абараняе.

Яна пільнуе наш спакой штодня,

Нам быць шчаслівымі нішто не замінае!

Не ведала, што ў час размовы іх

Агідны цмок ужо расправіў крылы.

Ахвяр цішком высочвае сваіх,

Напад рыхтуе, набірае сілы!

Галоў шматлікіх цяжка палічыць,

Агонь з крывавых пашчаў так і рвецца!

Страшней жа тое, што ў грудзях рыпіць

Халоднае да каменнае сэрца!

Слязьмі  дзяцей, пакутамі старых,

Агнём і попелам ён наталіцца хоча!

Той страшны звер з жахлівых сноў малых

Вайной паўстане чэрвеньскаю ноччу.

Няма на свеце нічога страшней за вайну, якая нясе смерць, кроў, разбурэнні.  “Расказваю пра вайну, бо ненавіджу яе”, - казаў некалі Васіль Быкаў. 

ІІІ Разгляд новай тэмы

1.      Слова настаўніка

(Я рада, што змест аповесці “Знак бяды” вядомы кожнаму з вас. Пра гэта сведчаць добрыя адзнакі за літаратурную віктарыну, якую мы пісалі на мінулым уроку.) Мы, дзякуй Богу, належым да тых людзей, якія  не глядзелі ў страшныя вочы вайны, але багата чулі пра яе. У кожнага з вас ёсць асацыяцыі, звязаныя з гэтымі жудаснымі падзеямі. Я толькі што падзялілася з вамі сваімі.

2.      Праблемная гутарка

- А зараз мне хацелася б, каб кожны з вас прыгадаў свае асацыяцыі, звязаныя са словам “вайна”. (Названыя словы ствараюць асацыятыўны рад, які запісваецца на дошцы і ў вучнёўскіх сшытках побач са словам “вайна”.) 

- “Геніяльным з'яўляецца толькі такі твор, які адначасова ўяўляе сабой сімвал і дакладнае ўвасабленне рэчаіснасці,” -  слушна адзначыў некалі французскі пісьменнік, навеліст Гі дэ Мапасан. Аповесць “Знак бяды”, у якой спалучаны дакументальная дакладнасць і мастацкая сімволіка,- твор, сапраўды, геніяльны, чытаць які трэба ўважліва, заўважаючы і вобразы-сімвалы, і дэталі-загадкі, і важныя знакі, якія працуюць на аўтарскую задуму.  Перш чым мы будзем  весці пералік пэўных сімвалаў, давайце спачатку растлумачым значэнне слова “сімвал” (Тое, што служыць умоўным знакам якога-небудзь паняцця, з'явы, ідэі. Голуб — сімвал міру). 

3. Работа з падручнікам

- На с.76 вашага падручніка змешчана інфармацыя пра вобразы-сімвалы, якія нам з вамі неабходна будзе прааналізаваць. Якія сімвалы там прыгаданы? (Вобразы-сімвалы: скрыпка, хата і хутар, калодзеж, крыж на Петраковай Галгофе, Галгофа, бомба, карова).

4. Аналітычная гутарка

- Давайце з вамі паспрабуем разгадаць мноства ўмоўнасцей і сімвалаў аповесці. 

(Скрыпка Петрака — сімвал таленавітасці беларускага народа. 

Хата Петрака і Сцепаніды — сімвал Беларусі. 

Іх калодзеж — сімвал невычэрпнай сілы народа, сімвал жыцця.

     Крыж на Петраковай Галгофе — увасабленне веры, якая здольна дапамагчы чалавеку застацца Чалавекам нават у абставінах, якія мацней за яго... А сама Галгофа— сімвал зямелькі-карміцелькі, якая для герояў — гэта як Радзіма, як маці. Ёй не здраджваюць, нават калі яна няўдаліца ці пакутніца. Адна дарога ў чалавека — несці свой крыж да канца, раздзяліць з маці-карміцелькай яе лёс. Маці-прырода і сын-чалавек — неаддзельныя. 

Бомба — сімвал стоенага народнага гневу, усенароднай барацьбы. "Бомба чакала сваёй пары..." 

Палаючы дом Сцепаніды і Петрака — таксама сімвал. Не пастка, а непрыступная крэпасць, помнік чалавеку, які змагаецца з абставінамі да апошняга і перамагае ў гэтай барацьбе, бо перамога заўсёды вызначаецца сілай духу.                                                                                           

Сімвалічнай з'яўляецца і сцэна забойства каровы, і абмен парсючка на бомбу.

     Мноства ў творы і непасрэдных знакаў-вешчуноў бяды. 

Мёртвая птушка (птушка- сімвал мар, надзей і спадзяванняў) —  народны знак-вяшчун усіх пакут, што пачнуцца пасля самагубства гаспадара хутара – пана Яхімоўскага, словы якога, нібы прысуд, час ад часу успаміналіся.

     Спілаваны камсамольцамі крыж — знак парушанай, адрынутай веры, якая і дапамагала нашым героям вытрымаць усе нягоды і выпрабаванні.

      Асаблівасць быкаўскіх сімвалаў, што яны народныя, бо ўвасабляюць векавую народную мараль. Знак бяды — не паспець аддаць пазычаныя грошы чалавеку пры яго жыцці. У тым, што Пятрок не паспеў аддаць Чарвякову грошы, не яго віна, а бяда, трагедыя. Але ж колькі народнай мудрасці і перасцярогі ўсім нам і ў гэтай прыкмеце знаку: усяму свой час. Паспей зрабіць дабро бліжняму, пакуль яму гэта яшчэ патрэбна. Спазніцца з добрай справай — паспрыяць злу).

ІV Падвядзенне вынікаў урока

1. Прагляд урыўкаў з кінафільма Міхаіла Пташука        

- З усяго, адзначанага намі, мне хацелася б, каб вы сфармулявалі ідэю аповесці. Няхай падказкай вам паслужаць урыўкі з экранізаванай у 1986 годзе М. Пташуком аповесці В. Быкава “Знак бяды”.  (Пры дапамозе рэтраспекцыі аўтар пераносіць нас у часы калектывізацыі і дае зразумець, што не толькі ваенныя падзеі 1941-1945 г.г. прынеслі пакуты нашай Радзіме, але і падзеі 20-30-х г.г. прымушалі людзей пакутаваць. Ды не на тах напалі! На нашай шматпакутнай зямлі жывуць гераічныя людзі, жыццёвая пазіцыя якіх павінна быць для ўсіх нас прыкладам).

2. Слова настаўніка

- В. Быкаў усё сваё жыццё пісаў пра Вялікую Айчынную вайну. Яна настолькі моцна паўплывала на свядомасць маладога Быкава, так цесна ўвайшла ў яго жыццё, што нават 22 чэрвеня- дата пачатку вайны- стала апошнім днём жыцця В. Быкава.  Хіба гэта  не сімвалічна?

V Дамашняе заданне:

Падрыхтавацца да кантрольнага сачынення па творчасці В. Быкава

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.