Вельмі важнай задачай сучаснай школы з’яўляецца выхаванне ў дзяцей і навучэнцаў патрыятызму і грамадзянскасці, маральных якасцей падрастаючага пакалення. Патрыятызм – гэта любоў да Радзімы і свайго народа, адданае служэнне іх інтарэсам, шанаванне лепшых нацыянальных традыцый. Гэта адно з найбольш глыбокіх пачуццяў, замацаваных стагоддзямі існавання нашай Айчыны. Гэтыя задачы актыўна абмяркоўваюцца настаўнікамі нашай школы як на ўроках, так і ў пазакласных мерапрыемствах, але найбольш паспяхова яны могуць быць вырашаны шляхам прыцягнення вучняў да ўдзелу ў навукова-пошукавай і краязнаўчай рабоце, якая актыўна праводзіцца ў мемарыяльным музеі Міколы Гамолкі, што размешчаны ў СШ №1 г. Жыткавічы. Вучні школы вучацца па-сапраўднаму любіць сваю краіну, даражыць ёю. Чым больш мы будзем ведаць пра саміх сябе, тым хутчэй будзем станавіцца нацыянальна свядомымі грамадзянамі.
Адна з работ, над якой працуюць вучні- даследчыкі пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Касінскай Т. В. і кіраўніка музея настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Кальцовай З.І. – “Прадметы побыту нашых продкаў”. Да гэтай тэмы нас падштурхнула наведванне хаты бацькоў Мікалая Іванавіча, дзе былі знойдзены начоўкі, старэнькія, з трэшчынай па даўжыні, але з якім клопатам і адказнасцю яны адрамантаваны рукамі мясцовага (невядомага нам) умельца, што сведчыць пра беражлівыя адносіны гаспадароў да такой патрэбнай ў хаце рэчы. А яшчэ для больш нагляднага ўспрымання розных побытавых прадметаў у кабінеце гісторыі нашай навучальнай установы настаўніцай Касінскай Т.В. створаны этнаграфічны куток, дзе размешчаны такія прадметы побыту. І кожны маленькі грамадзянін, перад вачамі якога ў сучасным свеце шматлікія электронныя прадметы, можа разгледзець гэтыя рэчы, нават патрымаць у руках і супаставіць сённяшнія хатнія рэчы з тымі, што былі раней у кожнай хаце.
Нашы продкі былі людзі ўмелыя, практычна ўсё для свайго карыстання рабілі сваімі рукамі. Вось як пра гэта пішуць гісторыкі: "Кожная вёска - гэта своеасаблівая дзяржава, з усім сваім - моваю, звычаямі, норавамі і побытам. Кожны гаспадар, кожная гаспадыня імкнуліся быць ва ўсім незалежнымі, самастойнымі, абыходзіцца без чыёй бы і якой бы там ні было дапамогі. Трэба былі саха, барана, плуг, серп, калёсы, сані, сякера, граблі, піла, каса, лыжка, міска, гаршчок, вядро, дзежка, бочка - рабілі; трэба былі хамут, церассядзёлак, боты, світка, кажух, шапка, сарочка, штаны, рукавіцы - шылі; трэба былі вяроўка, атосы, лейцы, аборы - вілі; палатно, абрус, ручнік, коўдра, посцілка - ткалі... Самі, кожны сабе, будавалі хаты, хлявы, гумны, ёўні, лазні…”.
Даследуючы побыт сваіх продкаў, вучні даведваюцца пра такія рэчы, як гляк, збан, пражэльнік, прасы-качалкі , ступкі, ступы, кросны, чыгункі, і награвальныя прасы.якія, каб нагрэць, ставілі на печ або насыпалі ў іх гарачае вуголле.
У сваім жыцці кожны чалавек так ці інакш сустракаецца з пытаннемдзе нашыя карані, што нас чакае ў будучыні, для чаго мы жывём ? У поўнай меры адказ на гэта пытанне даў класік беларускай літаратуры У. Караткевіч: “У падзеях мінулага – нашы карані. А дрэва без карэння не можа ні існаваць, ні тым больш – прыносіць плады”. Вось чаму выхаванне нацыянальнай самасвядомасці патрэбна пачынаць з вывучэння сваёй малой радзімы, будзь то вёска, пасёлак ці горад. Кожнаму патрэбна веданне сваёй гісторыі, свайго радаводу.
Захоўваць гістарычную, культурную спадчыну продкаў, выхоўваць у школьнікаў павагу ў першую чаргу да саміх сябе закліканы музеі ўстаноў адукацыі.