Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 5 человек

11 сакавіка – 100 гадоў з дня нараджэння нашага земляка пісьменніка Міколы Гамолкі

Дата: 17 марта 2022 в 11:45
Автор: Янович Н. М.
163 просмотра

У гэты вясновы дзень у Жыткавічах праходзяць урачыстасці, адкрылі інфармацыйную дошку. Па біяграфічных сцежках Мікола Гамолка нарадзіўся 11 сакавіка 1922 года ў вёсцы Брынёў Петрыкаўскага раёна. Праз два гады стаў сіратой – памерла маці, хлопчыка часова даглядалі бабуля і дзядуля па лініі бацькі. Той пазней прыстаў у прымы да ўдавы, што жыла ў суседняй Найдзе на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна.

Агрыпіна Фёдараўна аказалася добрай жанчынай – хлопчык не адчуваў сябе чужым у доме на ўскрайку вёскі. Вось як згадвае сваё школьнае дзяцінства пісьменнік: «Добра помню сваю пачатковую школу, дзе навучаў нас, дзяцей, ветлівы і чулы настаўнік Рыгор Мультан. Пазней ён прапаў у засценках ГПУ. У чацвёртым класе я напісаў сачыненне на вольную тэму, якое настаўніку надта спадабалася, і ён адзначыў, што гэта больш, чым сачыненне, сапраўды мастацкае апавяданне… …Хоць бацька запісаўся ў калгас, на нас наклалі «цвёрдае заданне». Жыць давялося на адной бульбе… У 1934 годзе зноў прый­шло ў нашу хату няшчасце – па паклёпу мясцовых незычліўцаў быў арыштаваны органамі НКУС бацька. Праз чатыры месяцы яго адпусцілі, але ён жыць болей у роднай вёсцы не мог, паехаў на заробкі ў Бабруйск, дзе працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, а потым на гідролізным заводзе. Тым часам я вучыўся ў в. Брынёў, дзе закончыў 5, 6 і 7 класы. Потым бацька забраў мяне ў Бабруйск, дзе я пайшоў у восьмы клас…» На няпросты шлях творчасці Пачынаючага паэта Гамолку з Жыткавічаў заўважылі і запрасілі ў 1938 годзе на творчы семінар у Мазыры. Тут пазнаёміўся з пісьменнікам Усеваладам Краўчанкам і ўдзельнікам семінара Іванам Мележам, з якімі пасябраваў на ўсё жыццё. «Захапленне паэзіяй – не выпадковае ў палескага хлопца. Ёсць талент!» – заўважыў і Якуб Колас, якому без ведама аўтара па пошце з рэдакцыі жыткавіцкай райгазеты «Прымежны камунар» даслалі цыкл новых вершаў. Народны паэт падтрымаў семнаццацігадовага паэта Гамолку лістом, але зрабіў шэраг парад і заўваг: не спяшацца, старанна шліфаваць кожны радок. У 1939-м юнак паступае вучыцца на філфак Белдзяржуніверсітэта, з другога курса яго прызываюць у армію, трапіў у войскі хімабароны. Прайшоў Вялікую Айчынную, у 1946 годзе дэмабілізаваўся камандзірам узвода з лейтэнанцкімі пагонамі. І важкім сшыткам добрых вершаў – на цэлую кнігу. Прывёз іх у Мінск. У гэтым жа годзе, адрэдагаваныя Максімам Лужаніным, яны пабачылі чытача ў першай кнізе «Зварот шчасця», а праз некалькі гадоў Гамолка трымаў у руках другі зборнік «Б’юць куранты». Адразу пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся ў Найду да бацькоў. Цяжкае і складанае тут было жыццё, аднаўляўся калгас. Прыйшоў з вайны са званнем Героя Савецкага Саюза легендарны Васіль Кот, трохі старэйшы за Міколу. Гамолка ганарыўся сяброўствам з ім, нават напісаў пра маланкавую вайну з Японіяй і подзвіг земляка ў абласную газету «Бальшавік Палесся». Неўзабаве таго паклікалі ў райкам партыі і прызначылі на адказную пасаду. Праз сем месяцаў падаўся ў Мінск і Гамолка, у Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі: рэдактарам адной з яго рэдакцый, што выпускала кнігі для дзяцей. Пад уплывам Янкі Маўра, Алеся Якімовіча, з якімі яму пашчасціла праца­ваць, зарадзілася жаданне пісаць прозу, і пры гэтым пісаць для дзяцей. Аповесць «Лета ў Калінаўцы» нават маскоўскі «Детгиз» уключыў у план выдання, і кніга выйшла ў перакладзе ў 1956 годзе. Майстар усіх жанраў Таленавітага празаіка запрашаюць як літсупрацоўніка ў «Чырвоную змену», потым – у «Літаратуру і мастацтва». За некалькі гадоў Гамолка асвойвае жанр фантастыкі – піша цудоўныя творы пра палёты ў космас савецкіх касманаўтаў. Вядома, тады, у 1953–1954 гады, касманаўтаў яшчэ рэальных не было. Дзве аповесці «За вялікую трасу» і «Цытадэль неба» выйшлі ў 1959 годзе як раман «Шосты акіян» асобным выданнем. Усе падзеі новай касмічнай эры, якая пачалася 4 кастрычніка 1957 года, развівалася амаль так, як паказана ў гэтым навукова-фантастычным рамане. Аднак да фантас­тыкі больш не вернецца – яго захапіла ваенная тэма.   Спрабаваў сябе Гамолка і ў драматургіі – па яго п’есе «Бітва ў космасе» ў 1963 го­дзе рэспубліканскі тэатр юнага гледача паставіў спектакль. З 1967 года Мікалай Іванавіч працаваў адказным сакратаром часопіса «Бярозка», пасля адказным сакратаром камісіі па Дзяржаўных прэміях Савета Міністраў БССР. Ужо на пенсіі – сакратаром камісіі па прыёму ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. На малой Радзіме Па ініцыятыве пісьменнікаў Гомельшчыны пры непасрэднай падтрымцы тагачаснага старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Пятра Савіцкага ў сакавіку 2003 года гарадскому парку райцэнтра прысвоена імя Міколы Гамолкі. У будынку сярэдняй школы № 1 імя Р. М. Тураўца тут 8 кастрычніка 2010 года быў адкрыты мемарыяльны музей пісьменніка. Пачынаючы з 2006-га ладзім абласныя літаратурныя конкурсы для дзяцей і дарослых «Табе пяю, малая Радзіма», прысвечаныя памяці Міколы Гамолкі. Вынікі іх і майстар-класы для лаўрэатаў і фіналістаў падводзяцца ў Жыткавічах. З 2019 года на тэрыторыі парка імя Міколы Гамолкі праходзіць абласны літаратурны фестываль «На зямлі Кірылы Тураўскага». 

Источник: http://gp.by
© Правда Гомель
Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.